Польшча ўнесла ў спіс "непажаданых асоб" 2,2 тысячы грамадзян Беларусі
Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы, ілюстрацыйнае фота / PAP
2,2 тысячы грамадзян Беларусі ўнесеныя ў спіс асоб, чыё знаходжанне на тэрыторыі Польшчы лічыцца непажаданым. Пра гэта піша Rzeczpospolitа са спасылкай на ўпраўленне па справах замежнікаў.
Выданне адзначае, што гэты спіс павялічваецца ў выніку змен у палітыцы ўрада. Сёлета ў яго ўжо дадалі 31 тысячу замежнікаў.
Сярод 2,2 тыс. "непажаданых" беларусаў 500 чалавек маюць прысуд, які ўжо набыў моц. Таксама ў спісе лічацца 5,9 тыс. грамадзян Украіны (4,2 тыс. чалавек з прысудамі), 4,2 тыс. грамадзян Грузіі (1,6 тыс. з прысудамі), 2,5 грамадзян Сірыі (800 з прысудамі), 2,4 тыс. грамадзян Афганістана (300 з прысудамі), 1,9 тыс. грамадзян Расіі (100 з прысудамі).
Падставы для таго, каб трапіць у гэты спіс, могуць быць самымі рознымі: парушэнне правілаў перабывання ў Польшчы, незаконны ўезд у краіну, нелегальная праца. Таксама ў гэты спіс трапляюць замежнікі, асуджаныя за злачынствы больш як на 1 год, і фігуранты санкцыйных спісаў. Спецслужбы могуць дадаць у гэты спіс імя чалавека з меркаванняў нацбяспекі.