Побач з Жодзінам употай ад жыхароў будуюць назапашвальнік для адкідаў з Мінска

Будпляцоўка сажалкі-назапашвальніка для каналізацыйных адходаў / Калаж Еўрарадыё
За сем кіламетраў ад Жодзіна, побач з вёскай Востраў, употай ад мясцовых жыхароў пачалі будаўніцтва сажалкі-назапашвальніка для каналізацыйных адкідаў з Мінска. Людзі патрабуюць спыніць працы і правесці грамадскія абмеркаванні, баючыся за чысціню вады, паветра і здароўе. Пра гэта піша ex-press.live.
Будаўніцтва "сажалкі-назапашвальніка №19" вядзецца ў Смалявіцкім раёне ў паскораным тэмпе. Паводле папярэдніх звестак, на аб'ект штодзень будзе прыязджаць да 50 машын з адкідамі. Увесці ў эксплуатацыю яго плануюць ужо ў 2025 годзе.
Грамадскасць даведалася пра гэта фактычна постфактум. Ні аб'яў, ні абмеркаванняў, прадугледжаных законам, у Жодзіне, Смалявіцкім раёне і навакольных вёсках, паводле слоў мясцовых жыхароў, не праводзілася. Пры гэтым да бліжэйшай кропкі — мікрараёна "Кавальскі" ў Жодзіне — 5,4 км. Да бальніцы (12-ы мікрараён) — 6 км. Да водазабору "Паўночны", адкуль жыхары Жодзіна атрымліваюць пітную ваду, — каля 5 км. Да свідравінаў, што заабяспечваюць вадой раён, — 4 км. Побач з будпляцоўкай, за 500 метраў, рэчка Бродня — яна ўпадае ў Бярэзіну.
Мясцовыя жыхары лічаць, што аб'ект "сажалка-назапашвальнік нумар 19" патэнцыйна пагражае экалагічнай бяспецы рэгіёну. Яны збіраюць подпісы пад заклікам правесці грамадскія абмеркаванні праекту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.