Першы амерыканскі Папа Рымскі. Кардынал Роберт Прэво стаў Львом XIV

Новым Папам Рымскім стаў амерыканскі кардынал Роберт Прэво / Reuters
8 траўня з трэцяй спробы быў абраны новы Папа Рымскі. Ім стаў амерыканскі кардынал Роберт Прэво, які нарадзіўся ў ЗША, у Чыкага. Упершыню ў гісторыі Папам стаў амерыканец.
Роберт Прэво ўзяў імя Леў XIV.
Што вядома пра новага Папу і чаго чакаць?
Роберт Фрэнсіс Прэво нарадзіўся ў Чыкага і правёў большую частку сваёй кар’еры місіянерам у Перу. У яго два грамадзянствы — ЗША і Перу.
Ён стаў кардыналам толькі ў 2023 годзе і не быў адным з відавочных прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка Каталіцкай царквы. Букмекеры не ставілі на тое, што кардынал Прэво стане новым Папам, ён не ўваходзіў у ТОП-6.

Леў XIV не надта часта меў зносіны з журналістамі і рэдка выступаў публічна. У 2023 годзе папа Францішак выклікаў кардынала Прэво ў Рым і зрабіў яго кіраўніком офіса, які адказвае за прызначэнне каталіцкіх святароў і біскупаў па ўсім свеце, піша Reuters.
BBC паведамляе, што падчас прэс-канферэнцыі ў Ватыкане кардынал Прэво заявіў: “Наша праца заключаецца ў пашырэнні нашага кола, мы хочам, каб усе ведалі пра нашае жаданне прыняць усіх у царкве”.
Карэспандэнт BBC распавядаў, што перад канклавам былі размовы, што Каталіцкай царкве патрэбны чалавек, які працягне спадчыну папы Францішка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.