Першая лэдзі Зімбабвэ тыдзень чакала, калі яе прыме Лукашэнка, і дачакалася
Госця выглядала стомленай / president.gov.by
Першая лэдзі Зімбабвэ Аксілія Мнангагве тыдзень чакала, калі яе прыме Аляксандр Лукашэнка, і дачакалася. У аўторак, 11 красавіка, яны сустрэліся ў палацы ў Мінску. Пры гэтым Лукашэнка ёй казаў, што ў рэалізацыі сумесных праектаў Беларусі і Замбабвэ важная хуткасць.
З 5 красавіка Аксілія Мнангагве паспела сустрэцца з міністрам замежных спраў РБ Сяргеем Алейнікам, наведала РНПЦ "Маці і дзіця", Рэспубліканскую дзіцячую бальніцу медрэабілітацыі, Беларускі дзяржаўны медуніверсітэт, дзе стала ганаровым доктарам. Далей быў Беларускі саюз жанчын, прадпрыемства "Белмедпрэпараты". Госцю суправаджаў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. Пасля першую лэдзі Зімбабвэ звазілі ў мемарыяльны комплекс "Хатынь" і расказалі пра генацыд беларускага народа. Далей была паездка па Гродзенскай вобласці, наведванне прадпрыемства "Беллакт". І нарэшце вяртанне ў Мінск і вестка пра запрашэнне да Аляксандра Лукашэнкі, які толькі правёў нараду, прысвечаную айцішнікам.
Госця сказала Лукашэнку, што ён "не толькі бацька", але "і маці".