Павел Латушка абмеркаваў з польскім палітыкам закрыццё мяжы з Беларуссю

Арцём Брухан, Адам Халацінскі, Павел Латушка падчас сустрэчы

Арцём Брухан, Адам Халацінскі, Павел Латушка падчас сустрэчы / Аб'яднаны пераходны кабінет

Прынятае ўрадам Польшчы рашэнне аб закрыцці ўсіх памежных пераходаў на беларуска-польскай мяжы стала галоўнай тэмай сустрэчы Павла Латушкі і спікера Каардынацыйнай Рады Арцёма Брухана з Упаўнаважаным прадстаўніком міністра замежных спраў Польшчы Адамам Халацінскім, інфармуе прэс-служба Аб'яднанага пераходнага кабінету.

Латушка адзначыў неабходнасць узмацнення ціску на рэжым Лукашэнкі, у тым ліку эканамічнага, для змянення яго рэпрэсіўнай і агрэсіўнай палітыкі, і падкрэсліў важнасць захавання магчымасці паездак для беларусаў у краіны ЕС. Паводле яго, Польшча павінна ўлічваць не толькі бяспеку, але і падтрымку еўрапейскай арыентацыі грамадзян Беларусі.

Адам Халацінскі патлумачыў, што закрыццё пераходаў звязана з забеспячэннем бяспекі ў сувязі з вучэннямі "Захад-2025" і магчымымі правакацыямі. Падчас сустрэчы таксама абмеркавалі праблему палітзняволеных у Беларусі і магчымыя механізмы падтрымкі з боку Польшчы ў выпадку іх вызвалення, уключаючы гуманітарную і сацыяльную дапамогу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.