Пасля згадкі пра пагрозу дэфолту РБ перайшла на новы механізм выплат
Замест долараў перавялі "грашовыя сродкі ў беларускіх рублях" / pixabay.com
Беларусь перайшла на альтэрнатыўны механізм выплат па еўрабондах расійскім інвестарам. Пра гэта ўвечары 28 снежня паведаміў Мінфін РБ. Перад гэтым у адным з расійскіх тг-каналаў з'явілася інфармацыя пра тое, што "расійскія трымальнікі беларускіх аблігацый, якія Мінск ужо год як адмаўляецца пагашаць, плануюць ужо ў студзені давесці справу да суверэннага дэфолту Рэспублікі Беларусь". Рэакцыя была хуткай.
У Мінфіне Беларусі паведамілі, што 28 снежня "грашовыя сродкі ў беларускіх рублях" былі пералічаны ў "Нацыянальны разліковы дэпазітарый" (РФ) "з асобнага банкаўскага рахунка, адкрытага раней у ААТ "АСБ Беларусбанк" для выканання абавязацельстваў па еўрааблігацыях".
Як вядома, на фоне ўвядзення новых заходніх санкцый РБ стала ажыццяўляць выплаты па еўрабондах у беларускіх рублях (як вынік гэтага — міжнародныя крэдытныя рэйтынгавыя агенцтвы знізілі крэдытны рэйтынг краіны да пераддэфолтнага). Пацярпелі не толькі крэдыторы з "недружалюбных краін". У расійскіх інвестараў узніклі праблемы з атрыманнем гэтых выплат. Вясной аб'ём плацяжоў, якія завіслі, ацэньваўся ў 500 мільёнаў долараў. Восенню расіяне, якія ўклаліся ў беларускія каштоўныя паперы, звярнуліся да ўладаў сваёй краіны з просьбай абмежаваць крэдытаванне Беларусі. Тады Мінфін РБ анансаваў альтэрнатыўныя механізмы "выканання абавязацельстваў па еўрааблігацыях". Але, відаць, яны таксама не задавольваюць расійскіх інвестараў.