Пасля першага снегу на Гродзеншчыне рэзка павялічылася колькасць аўтааварый
Супрацоўнікі ДАІ кажуць, што выязджалі на месцы здарэння ўдвая часцей, чым у папярэднія дні.
Першы снег, які ў сераду выпаў у Гродзенскай вобласці, стаў прычынай шматлікіх аўтааварый. За 19 лістапада супрацоўнікі ДАІ зафіксавалі 34 дарожна-транспартныя здарэнні, у тым ліку 2 з цяжкімі наступствамі. Толькі ў Гродне яны выязджалі на месцы здарэнняў 24 разы, а гэта ўдвая часцей, чым у папярэднія дні.
Прэс-служба ДАІ Гродзенскай вобласці адзначае, што некаторыя кіроўцы не ўлічылі ўмовы надвор'я. Напрыклад, пасля сутыкненняў аўтамабіляў каля вёскі Каўпакі Гродзенскага раёна былі шпіталізаваныя два чалавекі. Малады кіроўца "Хюндая" вёз з Ваўкавыска ў Гродна знаёмую сваёй маці. Ён абагнаў грузавік, але падчас вяртання на сваю паласу легкавік стала заносіць управа. У выніку ён апынуўся на сустрэчнай паласе, з-за чаго там вылецела ў кювет і перакулілася "Мазда". "Хюндай" жа вярнуўся на сваю паласу і сутыкнуўся з грузавіком. Пасажырка трапіла ў бальніцу, як і кіроўца "Мазды".
Супрацоўнікі ДАІ адзначаюць, што ў "Хюндая" былі колы з шынамі рознага тыпу пратэктараў: на пярэдніх — з зімовым, на задніх — з летнім.
Фота — bymedia.net