Пасля аварыі на МКАД кіроўцы ўчынілі бойку (фота)
Перад тым, як з'ехаць з месца здарэння, два кіроўцы паспрабавалі сапхнуць з дарогі адну з разбітых машын.
На 34-м кіламетры Мінскай кальцавой аўтадарогі адбылася аварыя. Як пішуць "Мінск-Навіны", у "Фальксваген", які ехаў па першым шэрагу знешняга кальца ў бок вуліцы Мазурава, урэзалася "Таёта", якая мяняла паласу. Пажылы кіроўца "Фальксвагена" захацеў выклікаць ДАІ, аднак шафёр "Таёты" быў катэгарычна супраць і хацеў з'ехаць. Пажылы мужчына стаў яму перашкаджаць, і завязалася бойка. Спыніць кіроўцу "Таёты" і забраць у яго ключы запальвання дапамаглі аўтамабілісты, якія праязджалі міма.
Пасля гэтага кіроўца "Таёты", які падаўся апаненту нецвярозым, адправіўся спаць у сваю машыну.
Хвілінаў праз 20 у "Таёту", якая працягвала стаяць, на поўным хаду ўрэзаўся "БМВ". Пасля гэтага два хлопцы, якія выйшлі з "БМВ", чамусьці паспрабавалі сапхнуць з кальцавой сваю пабітую машыну. Кіроўца "Таёты", які прачнуўся ад удару, стаў ім дапамагаць. Праўда, сапхнуць аўто ім не ўдалося. Тады яны проста з'ехалі на спадарожнай машыне, кінуўшы свой транспарт.
Цяпер "БМВ" і "Таёту" даставілі на штрафстаянку, а іх кіроўцаў шукаюць. Паводле папярэдняй інфармацыі, за рулём "БМВ" мог знаходзіцца сын уладальніка машыны. А "Таёта", на якой ехаў мужчына, зарэгістраваная на жанчыну.