Паляка, які ўцёк у Беларусь, абвясцілі ў вышук у Польшчы

Марцін Мікалаек

Марцін Мікалаек / "Беларусь "

Польшча абвясціла ў вышук Марціна Мікалайка, які яшчэ тры гады таму ўцёк у Беларусь.

Мужчына адкрыта падтрымлівае Расію і ў сваіх сацсетках актыўна выказваўся пра вайну, пачатую ва Украіне. У Польшчы яго ў 2023 годзе завочна асудзілі за абразу ўкраінцаў. Спярша Мікалаек уцёк у Беларусь, а потым перабраўся ў расійскі Екацярынбург, дзе, паводле яго, атрымаў прытулак, піша MOST са спасылкай на польскія СМІ.

Мікалаек родам з Свідніцы. 31 траўня 2022 года яму выставілі абвінавачанні ў Польшчы. А ўжо 9 чэрвеня ён выступаў на дзяржаўным тэлеканале "Беларусь 1".

На завочным судзе ў 2023 годзе яму прызначылі штраф 7,4 тысячы злотых. Суд адзначыў, што Мікалаек у сваім профілі ў Фэйсбуку размяшчаў пасты і каментары ў падтрымку Расіі, расійскага войска і гвалту супраць украінскага насельніцтва паводле прыкметы нацыянальнай прыналежнасці.

Паколькі штраф ён так і не заплаціў, пакаранне яму пазней замянілі на 75 сутак пазбаўлення волі. А ў жніўні 2025-га — абвясцілі ў вышук.

"Для мяне гэта ўзнагарода — ведаць, што дарога ў Еўропу для мяне закрытая, а я цяпер пад рэальнымі санкцыямі. Але нічога, я люблю Расію, люблю Беларусь, так што паеду куды заўгодна. А Польшча і Еўропа — гэта даволі маленькая страта", — пракаментаваў Мікалаек новы прысуд.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.