Палітзняволенную актывістку Крысціну Чаранкову будуць судзіць 10 лістапада
Крысціна Чаранкова / архіў
10 лістапада Гомельскі абласны суд пачне разглядаць справу палітзняволеннай Крысціны Чаранковы. Актывістка вядома ў антыфашысцкім асяроддзі Мазыра, таксама яна адносіць сябе да руху “Скінхэды супраць расавых забабонаў”.
Дзяўчыну затрымалі 22 сакавіка па крымінальнай справе за “распальванне сацыяльнай варожасці”. Падставай сталі некалькі пастоў у Instagram, які меў амаль 15 тысяч падпісантаў.
Крысціна публікавала здымкі, прысвечаныя субкультурнай модзе і не хавала сваіх палітычных поглядаў. Пасля нападу Пуціна на Украіну яна пачала выкарыстоўваць свой акаўнт для выказвання антываенных лозунгаў.
У СІЗА-3 дзяўчыну паставілі на прафілактычны ўлік, як “схільную да экстрэмізму”. Як паведамляюць праваабаронцы, цяпер ёй пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.