Палітвязень у СІЗА КДБ падкладаў пад вядро газету з партрэтам Лукашэнкі

Юрась Зянковіч у зняволенні

Юрась Зянковіч у зняволенні / "Беларусь 1"

Пад вядро, якое выкарыстоўвалася замест прыбіральні, у СІЗА КДБ вязні падклалі газету з партрэтам Лукашэнкі. Пра гэта расказаў у сваім блогу юрыст і былы палітвязень Юрась Зянковіч.

Ён згадвае, як у адзін з дзён у вязняў спыталі, чаму пад вядром партрэт Лукашэнкі. Усім загадалі пісаць тлумачальныя, у якіх вязні мусілі паабяцаць больш не ставіць "парашу" на Лукашэнку.

Перад "рэферэндумам" 2022 года, кажа Зянковіч, газеты былі перапоўненыя партрэтамі. І ў свой дзяжурны дзень ён не знайшоў ніводнай газеты без партрэта. Палітвязень кажа, што выбраў нумар, дзе партрэт быў найменшы і пасцяліў газету тварам наніз. Але з яго зноў запатрабавалі тлумачальную.

Зянковіч напісаў у ёй:

"Я, Юрась Зянковіч, такога чысла быў дзяжурным. З мэтай гігіены падклаў газету пад вядро. Пасля агляду ўсіх даступных выданняў высветлілася, што ніводнай старонкі без партрэта няма. Таму абрана старонка з партрэтам мінімальнага памеру, партрэт засланы вядром цалкам. Я не ведаю, што дзяжурны кантралёр шукаў пад вядром".

Як кажа экс-палітвязень, пасля гэтага яго больш не чапалі: "Напэўна, баяліся, што я зноў нешта падкладу".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.