Асудзілі палітвязня, які чатыры гады хаваўся ад сілавікоў

Мікіта Самарын

Мікіта Самарын / ПЦ "Вясна"

Шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму прысудзілі ў Гродне палітвязню Мікіту Самарыну. Перад гэтым ён чатыры гады хаваўся ад папярэдняга прысуду.

Як паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна", Мікіту прызналі вінаватым паводле арт. 364 КК (гвалт у дачыненні да міліцыянтаў), а таксама арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Вядома, што яго больш за месяц утрымліваюць у ШІЗА.

Да 2020 года Самарын працаваў у Гродне аўтарэстаўратарам, уваходзіў у клуб рэканструктараў рэтрааўтамабіляў "Вінтаж". Першы раз яго затрымалі 5 кастрычніка 2020 года і кінулі ў мікрааўтобус у моцна зацягнутых кайданках — ад рэзаных ран у гродзенца засталіся шнары на руках. Прама ў аўтобусе хлопцу нажом абрэзалі доўгія валасы. У ГУБАЗіКу з яго выбілі паказанні пагрозамі вывезці ў лес і пачаць крымінальную справу на затрыманага з ім сябра.

У снежні 2020 года Самарыну прысудзілі чатыры гады "хіміі" — нібыта ён "распыліў у твар праваахоўнікам газавы балончык". У сакавіку 2021-га прысуд замянілі на два з паловай гады калоніі. Самарын у суд не пайшоў, а пакінуў краіну. Пазней ён нелегальна вярнуўся ў Беларусь.

Пра затрыманне гродзенца стала вядома 27 сакавіка. Паводле афіцыйнай версіі, яго спынілі яго спынілі міліцыянты і хацелі завесці ў пастарунак, бо ў яго не было дакументаў. Самарын нібыта супраціўляўся і, як сцвярджаецца, зламаў аднаму з міліцыянтаў руку.

Суд над ім пачаўся 2 ліпеня. На працэс палітвязня вазілі з штрафнога ізалятара.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.