Паліцыя Літвы праверыць заявы экс-кандыдата ў прэзідэнты ў Мінску

Эдуардас Вайткус / ELTA
Паліцыя Літвы праверыць заявы экс-кандыдата ў прэзідэнты Эдуардаса Вайткуса, зробленыя ў Мінску. Пра гэта распарадзілася генеральны пракурор Літвы Ніда Грунскене.
Прэм'ер-міністр Літвы Гінтаўтас Палуцкас назваў заявы Вайткуса антыдзяржаўнай дзейнасцю. "Я думаю, што рашэнне Генпракуратуры — вельмі добрая ініцыятыва, для гэтага не патрэбныя палітычныя звароты. Тое, што робіць спадар Вайткус — гэта ці нейкая медыцынская з'ява, ці відавочныя дзеянні супраць інтарэсаў Літвы. Гэта антыдзяржаўная дзейнасць", — перадае DELFI словы кіраўніка літоўскага ўрада.
Як паведамлялася раней, 12 траўня Вайткус наведаў Мінск, дзе сустракаўся з кіраўніцтвам лукашэнкаўскай партыі "Белая Русь". На гэтай сустрэчы экс-кандыдат у прэзідэнты Літвы заявіў, што ў Літвы няма легітымнага прэзідэнта.
Лідар кансерватараў Лаўрынас Кашчунас звярнуўся ў Генпракуратуру і Дэпартамент дзяржбяспекі (ДДБ), каб там ацанілі візіт Вайткуса ў Беларусь. Ён папрасіў ацаніць, ці не з'яўляюцца дзеянні Вайткуса дапамогай іншай дзяржаве ў дзеяннях супраць Літвы.
На прэзідэнцкіх выбарах 2024 года Вайткус набраў 7,31% галасоў і заняў пятае месца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.