Паліцыя Гданьска пракаментавала самагубства беларускага добраахвотніка

Добраахвотнік Ягор

Добраахвотнік Ягор / фота з яго сацсетак

Да самагубства беларускага добраахвотніка ў Гданьску трэція асобы дачынення не мелі. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным адказе прэс-сакратара каменданта гарадской паліцыі Гданьска.

"У мінулую пятніцу, незадоўга да 2:00, у паліцыю паступіла паведамленне пра інцыдэнт на чыгуначных каляінах, у выніку якога загінуў мужчына. На месцы пад кіраўніцтвам пракурора і пры ўдзеле судова-медычнага эксперта паліцыянты следчай групы правялі агляд. Паліцэйскі тэхнічны спецыяліст сабраў доказы і падрыхтаваў фотадакументы. Супрацоўнікі выявілі і апыталі сведак. З папярэдніх высноваў паліцыянтаў вынікае, што да здарэння не мелі дачынення трэція асобы. Усе матэрыялы, а таксама хадайніцтва аб адкрыцці крымінальнай справы перададзеныя ў пракуратуру", — гаворыцца ў дакуменце, які цытуе "Белсат".

Трагедыя здарылася ў ноч на 25 ліпеня. Былы баец палка "Пагоня", 28-гадовы беларус Ягор, скочыў пад цягнік учыніўшы самагубства. Перад гэтым ён амаль суткі катаваў свайго сябра А., чытаючы перапіску ў яго тэлефоне. Паведамляецца, што малады чалавек біў сваю ахвяру нажом і падпальваў агнём з газавай гарэлкі.

Перад развітваннем Ягор сказаў сваёй ахвяры, што не хоча сядзець у турме.

А. са шматлікімі парэзамі і апёкамі трапіў у шпіталь. Крымінальную справу па збіцці А. спынілі з прычыны смерці падазраванага.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.