Пакуль клубніцы дабіраюцца да сталіцы, яны даражэюць удвая! (фота)
Клубніцы і чарэшні яшчэ патаннеюць. Цяпер прадаюцца па 40 тысяч за кілаграм. У Беластоку кошт клубніц — 20 тысяч за кіло.
На Камароўцы водар такі, што не набыць клубніцы, здаецца, зусім немагчыма. Але кошты пакуль не такія смачныя. Самыя танныя ягады — па 40 тысяч рублёў — выглядаюць не вельмі, падгуляўшыя і падушаныя. Прадаўцы такіх ягад амаль не бачаць пакупнікоў.

З'явілася ягада з Брэстчыны — ад 45-48 тысяч рублёў за кілаграм. За грэчаскую клубніку просяць ад 55 тысяч рублёў. У сярэднім, кіло клубніц каштуе на Камароўскім рынку 50 тысяч. Для параўнання, у Беластоку за кілаграм ягад прасілі каля 5 злотых (20 тысяч рублёў).
"Клубніцы мо яшчэ і патаннеюць, тыдзень таму прадавалі па 150 тысяч, а цяпер — вунь як упалі кошты", — кажа мне прадаўшчыца, у якой ягада па 60 тысяч рублёў. Цікава, што ў клубнічнай сталіцы, вёсцы Дварэц (Лунінецкі раён) першая клубніка з'явілася толькі ўчора.
"Урэшце дачакаліся, бо было вельмі холадна і ягада не спела, — кажа мне сяброўка Надзея, якая як і многія яе аднасяльчане вырошчвае ягаду ў прамысловых маштабах. — Але ў некаторых ёсць ранняя клубніка. Яны яе прадаюць па 23-25 тысяч рублёў!".
Пакуль ягада даязджае да Мінска, яна даражэе ўдвая.

Другая ягада Камароўкі, якую набываюць па паўкіло-кілаграме — чарэшня. Яе кошт вагаецца ад 50 да 80 тысяч рублёў.
"У нас самыя танныя гандлёвыя рады, у нас і яшчэ ў самым пачатку першы рад. У нас набывайце, бо там (прадаўшчыца паказвае на сярэдзіну сезоннага рынка Камароўскі, — Еўрарадыё) чарэшня была і па 600 тысяч рублёў!" — рэкламуе гандлярка. Рэклама дае плён — неўзабаве на крайнім раду ўтвараецца чарга.


Трэцяя нагода, з якой гаспадыні і гаспадары спяшаюцца на рынак − першая бульба! Любімая беларусамі гародніна пакуль на Камароўцы толькі з Украіны. Кошт не апускаецца ніжэй за 15 тысяч рублёў за кілаграм. Але ў асноўным ранняя бульба каштуе ў раёне 17-20 тысяч рублёў.


"За Беларускай прыходзьце праз месяц. Пакуль кабачкі, бульба, памідоры, перац — ўсё вязем з Украіны. Глядзіце, якія кабачкі! Маленькія аддам за 10 тысяч за кілаграм!" — прапаноўвае прадаўшчыца.

Але на Камароўку можна ісці па агуркі, памідоры і зеляніну. Кошты на агуркі цяпер вельмі нізкія. Да прыкладу, кілаграм пупырыстых калючых агурочкаў прадаецца па 12-13 000 рублёў.

Але можна знайсці агуркі і за 9000 за кілаграм! Гэта ўдвая танней, чым у гіпермаркетах.

Радыска прадаецца па 7-8 тысяч за пучок, а за свежую цыбулю просяць ад 1800 рублёў за 100 грамаў.


Табліца коштаў на садавіну-гародніну ў 2014-2015 гадах, у рублях
|
2015 год, чэрвень |
2014 год, чэрвень |
|
|
Клубніцы, кг |
50 000 |
25000-40000 |
|
Чарэшні, кг |
50 000 |
35000-40000 |
|
Бульба, кг |
16-18 000 |
Ад 15000 |
|
Памідоры, кг |
Ад 20000 |
25000 |
|
Агуркі, кг |
Ад 9000 |
Ад 12000 |
|
Цыбуля, кг |
18-25000 |
15000 |
|
Перац, кг |
Ад 45000 |
44000 |
|
Радыска, кг |
25-30 000 |
15000 |