Падазраваны ў спробе згвалтавання дзяўчыны жыве на "Розачцы"?
Малады чалавек, які можа быць падазраваным у спробе згвалтавання, жыве на мінскай вуліцы Розы Люксембург. Пра гэта міліцыі і Еўрарадыё паведаміла адна з яго суседак. Па словах Хрысціны (імя зменена), хлопцу прыкладна 21 год, ён старэйшы сын у шматдзетнай сям'і. Яго бацька ўвесь час знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі.
"Гэта быў самы непрыемны тып у нашым двары. І ў нашай кампаніі былі канфлікты менавіта з ім, таму што ён заўсёды быў хуліганам. Але я не ведаю яго імя, і мы не вітаемся, бо гэта вельмі непрыемны чалавек".
Па словах Крысціны, наўрад ці малады чалавек недзе працаваў — боўтаўся па раёне “з падобнымі да сябе персанажамі”.
Нагадаем, міліцыя шукае мужчыну, які позна ўвечары 5 верасня напаў у ліфце на дзяўчыну ў адным з пад'ездаў на вуліцы Шчорса ў Мінску. Дзяўчына змагла даць адпор зламысніку.
Фота: guvd.gov.by