Пад Рэчыцай журналістам перашкаджалі правяраць інфармацыю пра свіную чуму
Высветліць прычыны гібелі свіней не атрымалася. Па адной з версій, гэта была "перастрахоўка" мясцовых уладаў.
Гомельскія журналісты-фрылансеры Кастусь Жукоўскі і Наталля Крывашэй правяралі інфармацыю, што ў вёсцы Першамайск Рэчыцкага раёна знойдзены ачаг афрыканскай чумы свіней. Яны прыехалі на месца, каб высветліць падрабязнасці.
Ад мясцовых жыхароў Жукоўскі і Крывашэй даведаліся пра факты ўсыплення жывёлаў пасля гібелі дзвюх свіней на вясковых падворках, а таксама нявыплаты кампенсацыі. Так, у гаспадыні аднаго з падворкаў забілі шэсць свіней, ёй не пакінулі ніякіх дакументаў.
Крывашэй: “Здохла адна свіння, прыехалі і забілі яшчэ шэсць свіней. Яна падпісала паперы, сказалі ёй, што гэта свіная чума. Ніякіх папер ёй на рукі не далі. І ці будзе кампенсацыя, ці не будзе — гэта яшчэ нікому невядома”.
Журналісты накіраваліся ў мясцовы сельсавет. Калі яны прыйшлі да старшыні сельсавета, у кабінеце раздаўся званок. Як высветлілася, з Рэчыцы тэлефанаваў пракурор, які цікавіўся візіцёрамі. Пасля размовы з пракурорам старшыня адмовіўся даваць каментары і занатаваў нумар аўтамабіля, на якім прыехалі журналісты.
Не атрымаўшы ніякай інфармацыі ў сельсавеце, Кастусь Жукоўскі і Наталля Крывашэй накіраваліся ў суседнюю вёску да ветэрынара. Яны сустрэлі каля хаты яго жонку, якая паабяцала паклікаць мужа. Яна зайшла ў хату, аднак цягам дваццаці хвілін да іх так ніхто і не выйшаў.
Журналісты прынялі рашэнне ехаць у Рэчыцкую ветэрынарную станцыю. Але на вясковай дарозе іх затрымалі супрацоўнікі ДАІ. Паўтары гадзіны яны правяралі дакументы.
Жукоўскі: “Было зразумела з самага пачатку, што супрацоўнікі ДАІ нас спынілі не таму, што іх цікавілі нашы дакументы. Ім быў дадзены пэўны загад нас затрымаць і чакаць прыезду нейкага кіраўніка. І гэта ўсё пацвердзілася. Праз паўтары гадзіны пад’язджае невядомы ў цывільным на прыватнай машыне і супрацоўнік міліцыі Рэчыцкага РАУС”.
Маёр міліцыі сцвярджаў, што на 102 паступілі скаргі на журналістаў ад жыхароў вёскі. Ён распытваў, правяраў дакументы, пасля чаго Кастусь Жукоўскі вымушаны быў даць пісьмовае тлумачэнне, чым ён займаецца ў Рэчыцкім раёне.
Журналісты бачаць прычыну такой пільнай да сябе ўвагі ў тым, што "ўлады нешта хаваюць". Пры гэтым Кастусь Жукоўскі ўпэўнены, што паколькі ніякіх доказаў наяўнасці чумы ў Першамайску не знойдзена, свіней пазабівалі толькі дзеля таго, каб "перастрахавацца".
Жукоўскі: “Людзей проста развялі. Ім нанеслі вялікую шкоду ў асабліва буйным памеры — гэта каля пяці тысяч даляраў толькі аднаму чалавеку. Загадалі пазабіваць свіней, самі прыгналі тэхніку, закапалі гэтых свіней, прадэзінфіцыравалі ўсе хлявы. Але чумы не было, і ніхто за гэта не адказвае”.
Супрацьлеглага меркавання прытрымліваецца Наталля Крывашэй. Яна лічыць, што акурат факт з’яўлення ачага і хаваюць улады, бо баяцца спынення паставак мяса і мясной прадукцыі ў Расію.
Здымак з архіву. Фота: Fotolia