Пачобута ўзнагародзілі ордэнам Белага Арла — найвышэйшай узнагародай Польшчы

Пачобута ўзнагародзілі ордэнам Белага Арла 

Пачобута ўзнагародзілі ордэнам Белага Арла 

З нагоды Дня нацыянальнай незалежнасці прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі ўзнагародзіў ордэнам Белага Арла Анджэя Пачобута, паведаміла прэс-служба польскага лідара. Таксама найвышэйшай дзяржаўнай узнагародай краіны быў адзначаны пісьменнік, публіцыст Вальдэмар Лысяк.

— Сёння з намі толькі адзін кавалер Ордэна Белага Арла, дамы і спадары, бо другі знаходзіцца ў беларускай турме, у турме рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Анджэя Пачобута сёння няма з намі, таму што ён сам, хоць гэтага і не заслужыў, выбраў зняволенне.

Нягледзячы на тое, што беларускі рэжым пераследаваў яго з 2011 і 2012 гадоў, ён не пакінуў Беларусь, змагаючыся за каштоўнасці, дарагія яго сэрцу. І кожны дзень, праведзены Анджэем Пачобутам у беларускай турме, — гэта дзень перамогі дабра над злом. Хоць гэта і прыносіць яму і яго сям’і вялікія пакуты, менавіта дзякуючы гэтай ахвяры кожны дзень — гэта перамога дабра над злом.

У паведамленні канцылярыі прэзідэнта Польшчы гаворыцца, што Анджэй Пачобут узнагароджаны "ў знак прызнання выдатных заслуг у працы на карысць палякаў Беларусі, у тым ліку за барацьбу за правы чалавека і стойкую пазіцыю ў супрацьстаянні праявам адраджэння таталітарных рэжымаў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.