Па "справе Гаюна" пад вартай знаходзяцца 33 пацверджаныя фігуранты — "Вясна"
Эмблема "Беларускага Гаюна" / Telegram
У Беларусі працягваюцца затрыманні па крымінальнай справе, звязанай з маніторынгавым праектам "Беларускі Гаюн".
Як паведамляюць праваабаронцы са спасылкай на былых вязняў Акрэсціна, затрыманні адбываюцца ў межах арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Большасць затрыманых — мужчыны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" паведамляе пра мінімум 33 пацверджаных (!) фігурантаў "справы Гаюна", узятых пад варту. Агульная лічба затрыманых значна большая. Праваабаронца Андрэй Стрыжак тыдзень таму паведамляў, што толькі ў СІЗА Брэста ў траўні было да 50 чалавек, затрыманых па "справе Гаюна".
Па гэтай справе ўжо ідуць суды — вядома як мінімум пра шэсць судовых працэсаў.
"Беларускі Гаюн" — маніторынгавы праект, які адсочваў вайсковую актыўнасць на тэрыторыі Беларусі. Рэжым Лукашэнкі прызнаў яго "экстрэмісцкім". У лютым 2025 года сілавікі атрымалі доступ да даных чатаў "Беларускага Гаюна", пасля чаго кіраўнік праекта Антон Матолька абвясціў пра яго закрыццё. Затрыманні па "справе Гаюна" працягваюцца дагэтуль.