Па справе "Беларускага Гаюна" затрымалі мінімум 20 чалавек

АМАПаўцы
Мінімум 20 чалавек з'яўляюцца фігурантамі крымінальнай справы "Беларускага Гаюна". Іх узялі пад варту.
Пры гэтым затрыманні па гэтай справе працягваюцца, адзначае праваабарончы цэнтр "Вясна".
За перадачу інфармацыі праекту "Беларускі Гаюн" людзям інкрымінуюць арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Праваабаронцы кажуць, што большасць затрыманых — мужчыны.
Маніторынгавы праект "Беларускі Гаюн" адсочваў ваенную актыўнасць на тэрыторыі Беларусі, паведамляў пра перамяшчэнні беларускіх і расійскіх вайскоўцаў па тэрыторыі нашай краіны. У лютым тг-канал заявіў пра ўзлом бота, у які людзі дасылалі інфармацыю. Сілавікам сталі даступныя ў тым ліку асабістыя звесткі тых, хто пісаў у бот. Пасля гэтага кіраўнік праекту Антон Матолька публічна заявіў пра спыненне працы "Гаюна", які рэжым Лукашэнкі яшчэ ў 2022 годзе прызнаў "экстрэмісцкім фармаваннем".
Дарэчы, самога Матольку нядаўна завочна асудзілі на 20 гадоў пазбаўлення волі і прысудзілі 84 тысячы рублёў штрафу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.