Па паўднёвым захадзе Беларусі ў пятніцу будзе да +30 градусаў

Лета / Лето / pexels.com

Лета, ілюстрацыйнае фота

У пятніцу, 15 жніўня, у Беларусі будзе малавоблачна і без ападкаў, паведамляе Белгідрамет.

Уначы і зранку ў асобных раёнах будзе згушчацца слабы туман. Вецер прагназуецца няўстойлівы слабы.

Тэрмометры ўначы пакажуць 7-13 градусаў вышэй за нуль, па захадзе краіны чакаецца да +16 градусаў. Удзень сіноптыкі прагназуюць 23-28 градусаў цяпла, на паўднёвым захадзе паветра прагрэецца да 30 градусаў са знакам "плюс".

На выходных на большай частцы тэрыторыі Беларусі пройдуць дажджы, у суботу — кароткачасовыя. Месцамі прагрымяць навальніцы, падчас іх чакаецца парывісты вецер.

У суботу ўдзень тэрмометры пакажуць ад +21 па поўначы да +33 градусаў па паўднёвым захадзе краіны. А ў нядзелю заўважна пахаладае: па поўначы краіны прагназуецца толькі 14 градусаў цяпла, а па поўдні будзе да 25 градусаў вышэй за нуль.

Па паўднёвым захадзе Беларусі ў пятніцу будзе да +30 градусаў
Прагноз надворя на 15 жніўня / Белгідрамет

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.