У пятніцу ў Беларусі чакаецца завіруха
Завея, ілюстрацыйнае фота / virtualbrest.ru
У пятніцу, 2 студзеня, у Беларусі чакаецца пераважна воблачнае надвор'е, паведамляе Белгідрамет.
Часам прагназуецца снег, зранку і ўдзень па заходняй палове краіны — мокры снег. Уначы і зранку ў многіх раёнах чакаецца моцны снег, завіруха, на дарогах снежныя заносы. Месцамі будзе слабы галалёд, на асобных участках дарог — галалёдзіца. Вецер прагназуецца паўднёвы, паўднёва-заходні парывісты, уначы і зранку ў многіх раёнах — моцны парывісты, да 15-18 метраў за секунду. Сіноптыкі абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі.
Таксама паведамляецца аб рэзкім пацяпленні. Уначы тэрмометры пакажуць ад 0 градусаў па паўднёвым захадзе да 17 градусаў марозу па ўсходзе Беларусі. А ўжо ўдзень чакаецца -3...+1 градус.
У суботу чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор'е. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдзе снег, мокры снег. Месцамі будзе слабы галалёд, па захадзе прагназуецца завея. На асобных участках дарог — галалёдзіца. Вецер чакаецца паўднёва-заходні парывісты, месцамі моцны парывісты.
Тэмпература паветра на працягу сутак складзе ад 0 да 6 градусаў марозу.