Новы "брытанскі" штам каранавіруса выяўлены ўжо ў 41 краіне і тэрыторыі
У свеце распаўсюджваецца новы від каранавіруса / Reuters
Новы штам каранавіруса, які адрозніваецца большай заразнасцю, выяўлены ўжо ў 41 краіне і тэрыторыі, гаворыцца ў справаздачы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ).
Першапачаткова новая разнавіднасць віруса была выяўленая ў Вялікабрытаніі, у канцы снежня з-за гэтага ў краіне ўвялі жорсткі лакдаўн. Аб новым штаме вядома, што ён хутка выцясняе іншыя штамы, а таксама тое, што новая мутацыя валодае падвышанай здольнасцю пранікаць у клеткі.
Яшчэ да Новага года новы штам каранавіруса быў знойдзены ў Даніі, Нідэрландах, Італіі і ў Аўстраліі. Цяпер, паводле звестак СААЗ, такіх краін і тэрыторый стала больш.
"Паводле стану на 5 студзеня разнавіднасць каранавіруса VOC-202012/01, якая першапачаткова была выяўленая ў Злучаным Каралеўстве, выяўленая ў невялікім ліку выпадкаў яшчэ ў 40 дзяржавах / тэрыторыях / раёнах у пяці з шасці рэгіёнаў СААЗ", —гаворыцца ў паведамленні.
У СААЗ таксама распавялі, што за тыдзень з 28 снежня па 3 студзеня лік інфікаваных каранавірусам у свеце вырас на 4 035 226 чалавек. Ад ускладненняў, выкліканых COVID-19, памерлі 76 017 чалавек.
Больш за ўсё новых выпадкаў зарэгістравана ў Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы — пад два мільёны. У Еўропе колькасць заражаных павялічылася больш чым на паўтара мільёна чалавек.
У Беларусі напярэдадні было зафіксавана зніжэнне колькасці новых выпадкаў. Пасля доўгага перыяду, калі штодня беларускія медыкі выяўлялі пад дзве тысячы хворых, учора Міністэрства аховы здароўя паведаміў, што за суткі было выяўлена 1 273 новых інфікаваных.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.