"Ніхто не хоча сусветную вайну" — Зяленскі пра вынікі саміту NATO ў Вільні
Уладзімір Зяленскі і Енс Столтэнберг / https://twitter.com/jensstoltenberg
12 ліпеня ў Вільні адбылася сумесная прэс-канферэнцыя генеральнага сакратара NATO Енса Столтэнберга і ўкраінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага. Зяленскі заявіў, што вынікі саміту NATO для Украіны "добрыя, але калі б было запрашэнне [на ўступленне ў альянс], яны былі б ідэальныя".
У аўторак лідары краін NATO пацвердзілі, што Украіна стане сябрам NATO, але не назвалі тэрміны ("калі саюзнікі пагодзяцца і будуць дасягнуты ўмовы"). Яны пагадзіліся выключыць патрабаванне шматгадовага "плану дзеянняў" для кандыдата.
Адсутнасць афіцыйнага запрашэння Украіны ў альянс, безумоўна, расчаравала Уладзіміра Зяленскага. "Ніхто не хоча сусветную вайну і гэта мы таксама можам зразумець, — гаварыў ён на прэс-канферэнцыі. — ...Мы цывілізаваныя людзі, зразумела, што не можам стаць сябрам NATO, пакуль ідзе вайна... Сёння прагучалі вельмі важныя сігналы пра тое, што Украіна будзе сябрам NATO...".