Нік Бэйлен спадзяецца згуляць за зборную Беларусі ў наступным сезоне
Днямі амерыканец, які выступае за мінскае "Дынама", атрымаў беларускі пашпарт.
Абаронца мінскага "Дынама" Нік Бэйлен спадзяецца згуляць за хакейную зборную Беларусі на чэмпіянаце свету 2016 года (ён пройдзе ў Расіі). Амерыканец падпісаў кантракт з беларускім клубам у траўні 2014-га на адзін сезон, але ў кастрычніку працягнуў пагадненне яшчэ на тры гады. У 33 матчах чэмпіянату КХЛ ён набраў 19 ачкоў (закінуў 8 шайбаў і зрабіў 11 выніковых перадачаў). Днямі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога Нік Бэйлен стаў грамадзянінам Беларусі.
"Калі мяне прыцягнуць у зборную Беларусі, гэта будзе выдатна, гэта будзе выдатны вопыт, — сказаў Бэйлен у інтэрв'ю агенцтву "Р-Спорт". — Наколькі я разумею, я змагу гуляць за зборную ўжо ў наступным сезоне, так што разлічваю прыняць удзел у чэмпіянаце свету 2016 года. Калі ж зрабіць гэта не ўдасца, паспрабую прабіцца на наступнае сусветнае першынство".
Раней беларускае грамадзянства атрымалі амерыканец Кевін Лаланд і канадзец Джэф Плат. На хатнім чэмпіянаце свету яны выступалі за зборную Беларусі.
12 снежня Ніку Бэйліну споўніцца 25 гадоў. Больш падрабязна пра яго біяграфію гл. тут.
Фота — hcdinamo.by