Нерэалістычныя лічбы ад ЦВК — праваабаронцы каментуюць "збор подпісаў"
Ганна Канапацкая збірае подпісы / instagram.com
У панядзелак было аб'яўлена, што на "выбарах" зарэгістраваныя ўсе пяць кандыдатаў. У прарэжымных кандыдатаў Сяргея Сыранкова, Аляксандра Хіжняка, Ганны Канапацкай і Алега Гайдукевіча, як аб'явіў ЦВК, — больш за 100 тысяч подпісаў! А ў Аляксандра Лукашэнкі — аж 2 мільёны 518 тысяч. "Нерэалістычная лічба для Лукашэнкі — адзін з галоўных інструментаў фармавання карцінкі бягучых выбараў, — пішуць юрысты кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары". — Нібыта 100 тысяч чалавек падпісваліся кожны дзень за яго кандыдатуру, але адпаведнай актыўнасці ні ў інтэрнэце, ні на вуліцах краіны заўважана не было. Параўнайце з тым, якая актыўнасць была пры зборы подпісаў камандай Віктара Бабарыкі [у 2020-м], які сабраў каля 450 тысяч подпісаў. А тут Лукашэнка нібыта сабраў у пяць разоў болей у атмасферы страху і рэпрэсій, калі ўвогуле складана сказаць, што ў краіне праходзяць выбары".
"Выбары" прызначаныя на 26 студзеня 2025 года. Выбарчая кампанія праходзіць ва ўмовах рэпрэсій, ліквідацыі ўсіх апазіцыйных партый, "зачысткі" грамадзянскай супольнасці.