“Не разглядайце закон!” — беларусы супраць абмежаванняў для рэпетытараў

Студэнты падчас экзамену / BNTU Media Centre
Улады ўсё мацней закручваюць гайкі прыватнай адукацыі. Новыя, пакуль яшчэ не прынятыя абмежаванні датычаць працы рэпетытараў, якім плануюць забараніць весці вялікія групы і выкладаць праз відэасэрвісы замежных краін.
Еўрарадыё тлумачыць, што прапануе Мінадукацыі і што пра гэта думаюць самі самаўладкаваныя настаўнікі.
Без Zoom і вялікіх навучальных груп
Мяркуючы з праекта пастановы Саўміна, рэпетытары змогуць праводзіць анлайн-заняткі толькі праз айчынныя інфармацыйныя платформы, зарэгістраваныя на тэрыторыі краіны.
Гэта выключае выкарыстанне такіх папулярных сэрвісаў, як Zoom, Google Meet ці Microsoft Teams, што стварае нязручнасці як выкладчыкам, так і вучням.
Рэпетытары будуць абавязаныя пераканацца, што вучань сапраўды навучаецца ў афіцыйнай адукацыйнай установе — школе, ВНУ або дзіцячым садку. Бацькі ці самі навучэнцы павінныя будуць падаваць адпаведныя дакументы. У выпадку, калі дарослы чалавек не з'яўляецца навучэнцам, рэпетытарскія паслугі для яго стануць недаступнымі.

Закрануць змены і змест заняткаў. Рэпетытарам дазволяць выкладаць толькі тыя прадметы і тэмы, што ўваходзяць у праграму, якую праходзіць вучань у сваёй установе. Навучанне мастацтву, танцам, вакалу ці камп’ютарным навыкам без прывязкі да праграмы будзе дазволенае толькі для паўналетніх — і толькі ў малых групах да чатырох чалавек.
Акрамя таго, ад выкладчыкаў запатрабуюць выконваць “маральныя і этычныя нормы”, без канкрэтызацыі, што менавіта маецца на ўвазе. Яны таксама павінныя паведамляць навучэнцам, што працуюць без афіцыйных дакументаў, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку паслуг, і на запыт паказваць свае адукацыйныя дакументы.
Асобныя катэгорыі спецыялістаў — лагапеды, дэфектолагі, сурда- і тыфлапедагогі — не змогуць праводзіць групавыя заняткі з дзецьмі, што пазбавіць іх магчымасці працаваць у больш зручным і даступным фармаце.
“Рэпетытарства стане элітарнай паслугай”
Самі выкладчыкі негатыўна адрэагавалі на змены ў заканадаўстве. Гэта вынікае з гарачай дыскусіі, якая разгарнулася ў каментарах на сайце “Прававы форум Беларусі”.
@kovzun_chemistry Высказать свое мнение можно до 9.04. Ссылку на обсуждение закона добавил на своем сайте. #репетитор #беларусь #образование ♬ оригинальный звук - Дмитрий Юрьевич | Химия ЦТ/ЦЭ
Карыстальніца пад нікам Elena Krautsova адзначае шмат недахопаў у новых ініцыятывах улады.
“Індывідуальныя заняткі даражэйшыя, што робіць іх недаступнымі для многіх сем’яў. Праз высокі кошт некаторыя вучні будуць вымушаныя адмовіцца ад паслуг рэпетытара”, — піша яна, дадаючы, што калі вучні не могуць дазволіць сабе індывідуальныя ўрокі, іх прагрэс можа запаволіцца.
“Дзеці з менш забяспечаных сем’яў застануцца без дадатковай падтрымкі, што толькі пагоршыць разрыў ва ўзроўні адукацыі. Рэпетытарства стане элітарнай паслугай, што супярэчыць прынцыпам роўных магчымасцяў”, — рэзюмуе беларуска.
Узнікаюць пытанні і пра тое, якімі сэрвісамі для відэасувязі карыстацца. Карыстальніца Tanja1233 здзіўленая з гэтай нагоды.
“Наколькі вядома, у сегменце рэгістрацыі <...> няма праграмы для рэпетытараў, якая б дазваляла праводзіць заняткі. <...> Варта спачатку распрацаваць больш якасную і эфектыўную праграму (падобную на ZOOM). Лічу, што гэты падпункт трэба змяніць і даць рэпетытару выбар праграмы для правядзення больш якаснага і эфектыўнага занятку”, — лічыць жанчына.

Ананімны карыстальнік не разумее, чаму абмяжоўваецца праца ў групах.
“Абсалютна не зразумела, чым абумоўленае гэтае абмежаванне па колькасці вучняў. Калі ў кліентаў аднолькавы ўзрост, клас у школе, адна школьная праграма і матэрыял па гэтай праграме яшчэ не засвоены, чаму нельга некалькім кліентам знаходзіцца адначасова падчас аказання паслуг рэпетытара? Матэрыял тлумачыцца адзін і той жа (для кожнага класа свой)”.
Сярод незадаволеных выкладчыкаў трапляюцца і крыкі душы ад бацькоў вучняў. Вось што піша карыстальніца пад нікам Sveta.
“Вельмі прашу не разглядаць гэты закон! Каб дзіця добра вучылася, трэба звяртацца да дапамогі рэпетытараў, бо ў школе даюць недастаткова ведаў! А яшчэ горш — асабліва не разглядаюць новыя тэмы. Да добрых рэпетытараў на індывідуальныя заняткі таксама складана трапіць. Групавыя заняткі — гэта вельмі зручна і выгадна для бацькоў, каб дзіця добра вучылася”, — упэўненая беларуска.
“Патэнцыйная пагроза для спажыўцоў”
На думку доктаркі філасофскіх навук і прафесаркі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Таццяна Шчытцовай, законапраект скіраваны на ўзмацненне кантролю за дзейнасцю рэпетытараў. Пра гэта яна расказала на сваёй старонцы ў Facebook.

“[Улада] пазіцыянуе рэпетытараў як патэнцыйную пагрозу для спажыўцоў і дзяржавы, абмяжоўвае магчымасці (спектр) адукацыйных паслуг; перашкаджае свабоднай творчай сацыялізацыі і самарэалізацыі грамадзян”.
Шчытцова лічыць, што гэта адкрывае магчымасць тэхнічнага кантролю за дзейнасцю выкладчыкаў.
“Пастанова скіраваная менавіта на тое, каб узмацніць кантроль і такім чынам знізіць меркаваныя рызыкі (небяспечнасць людзей, якія працуюць у сферы адукацыі ў індывідуальным рэжыме). Пад бяспекай маецца на ўвазе ідэалагічная/інфармацыйная бяспека — змест навучання не павінен ствараць пагрозу для дзяржавы (гэта значыць “прававыя нормы” і бяспеку трэба разглядаць у непасрэднай сувязі). Відавочна, зараз рэпетытарам англійскай мовы варта падумаць, перш чым даваць падапечным вядомы тэксцік “London is the capital of Great Britain…” — падсумоўвае экспертка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.