Не “Наш космас”. Як беларускі рэжым праз кіно прысвойвае расійскую касманаўтыку

Беларускі касманаўт Уладзімір Кавалёнак / РУП "Беларусьфільм"
У дзяржаўнай сетцы кінатэатраў Беларусі вось ужо другі тыдзень паказваюць стужку “Наш космас”. Гэта новы дакументальны праект студыі “Летапіс” (творчае падраздзяленне “Беларусьфільма”), створаны на замову Мінкульта да Міжнароднага дня палёту чалавека ў космас.
Кінааглядальнік Еўрарадыё Тарас Тарналіцкі паглядзеў стужку і расказвае, як чарговы ідэалагічны фільм спрабуе запэўніць беларусаў, што самае лепшае ў краіне паўстала дзякуючы Аляксандру Лукашэнку. Нават калі гаворка ідзе пра абслугоўванне інтарэсаў Расіі ў касмічнай сферы.
***
Агніста-русае полымя б'е з соплаў і азарае ўзлятаючую ўвышыню ракету савецкага ўзору. Яна імкнецца спачатку ў трапасферу, а затым плаўна на арбіту планеты, мэтанакіравана да міжнароднай касмічнай станцыі. Тым часам на Зямлі, у Мінску, сярод у вялікай і пампезнай залі Аляксандр Лукашэнка сардэчна вітае ўдзельнікаў 31-га касмічнага кангрэсу.

Стыкоўка тэхналагічнага прагрэсу і ідэалагічнага пафасу ў фільме “Наш космас” паказваецца праз просты мастацкі прыём — паралельны мантаж. На ім грунтуецца ўся магія аповеду чарговага дакументальнага праекта “Беларусьфільма”, які цяпер з такой помпай расхвальваюць праўладныя медыя.
Місія гэтай простай стужкі, як і іншага кантэнту, што апошнія пяць гадоў упарта здымаецца на студыі “Летапіс”, якая перажыла палітычныя чысткі, — стварыць міф пра Беларусь як краіну, апантаную касмічнай ліхаманкай.
Якая была ў часы “адлігі”, напрыканцы 50-х — пачатку 60-х 20 стагоддзя. Тады якраз паспяхова запусцілі ў космас спачатку апарат “Спутнік-1”, а потым і жывога чалавека — касманаўта Юрыя Гагарына. Тады ўсе, ад мала да вяліка, марылі стаць касманаўтамі і верылі ў моц тэхнічнай думкі.

Дзеля міфатворчасці рэжысёр Дзмітрый Лось — выпускнік майстэрні Міхаіла Пташука — які пасля доўгага перапынку вярнуўся на “Беларусьфільм”, сумяшчае ў фільме гісторыю савецкай касманаўтыкі з размовамі сучаснікаў: пляменніцы Гагарына, вучоных з БДУ і Акадэміі навук.
Хранікальны сацрэалізм познясавецкай эпохі ў фільме пераплятаецца з штучнымі ідэалагічнымі падзеямі постсавецкага часу: побач з сапраўдным касманаўтам Уладзімірам Кавалёнкам з’яўляецца касмічная турыстка Марына Васілеўская, якая менш чым за год да палёту працавала сцюардэсай у “Белавіа”.
У ход ідуць розныя хітрыкі, толькі каб стварыць у галаве гледача фантомнае адчуванне пераемнасці паміж “вялікім савецкім мінулым” і нібы не меней гераічнай беларускай рэчаіснасцю.

Вось толькі будзем шчырымі перад самімі сабой — Беларусь ніколі не была касмічнай дзяржавай. Ні ў савецкія часы, ні тым больш у апошнія 34 гады яе незалежнасці.
Так, былі нашыя землякі: канструктары, якія працавалі на савецкі касмапрам, і лётчыкі-выпрабаваўцы, уваходзіўшыя ў склад лётных экіпажаў касмічных караблёў “Саюз”. Усе яны працавалі на прэстыж СССР і шмат хто лічыў яго сваёй радзімай.
Але ў сённяшняй Беларусі нічога свайго ад былой імперскай велічы не засталося.
Савецкія касманаўты Уладзімір Кавалёнак і Пётр Клімук даўно жывуць у Расіі і працуюць у яе касмічнай галіне. Прадстаўнік новага пакалення астранаўтаў — Алег Навіцкі з горада Чэрвень — таксама расійскі афіцэр, з цэлай кіпай узнагарод ад Уладзіміра Пуціна.

Акрамя вышэй згаданай Васілеўскай, можна яшчэ ўзгадаць запуск спутніка “Белка”, распрацаванага ракетна-касмічнай карпарацыяй “Энергія” па замове беларускай Акадэміі навук. Неглядзячы на паспяховы запуск і збор дадзеных, сам праект насіў хутчэй не практычны, а іміджавы эфект.
Вось і выходзіць, што ўсе гэтыя гучныя словы, што космас наш — не болей чым паказное надзьмуванне шчокаў. Танны ідэалагічны піяр на грошы Крамля, да якога старанна спрабуюць прымазацца беларускія ўлады па факце ўваходжання ў так званую “Саюзную дзяржаву”.
Вось толькі ад слова халва ў роце не стане саладзейшай, а ад маніпулятыўнага і няшчырага з гледачом кіно Беларусь не стане ўраз касмічнай дзяржавай, як бы гэтага не хацелася бюракратыі з Адміністрацыі прэзідэнта і Міністэрства культуры.
Адзнака Еўрарадыё: 2 з 10
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.