Наталля Дуліна распавяла пра ўмовы ў ізалятары: "У снежні — з голымі нагамі"

Наталля Дуліна
Палітзняволеная Наталля Дуліна распавяла пра жорсткія ўмовы ўтрымання жанчын у ШІЗА (штрафны ізалятар). Заходзячы ў ізалятар, зняволеная можа пакінуць на сабе толькі нацельную бялізну і надзець спадніцу і жакет.
Але з аповедаў іншых зняволеных Наталля ведала, што ў ізалятары яна можа мець з сабой цёплыя калготкі ці легенсы са шкарпэткамі. Мяркуючы, што яе могуць накіраваць у ШІЗА, яна падрыхтавала легенсы і шкарпэткі. Але кіраўніцтва не дазволіла ўзяць з сабой легенсы і пакінула толькі шкарпэткі.
"І ў снежні я была з голымі нагамі і ў шкарпэтачках і нацельнай маечцы без рукавоў. Холадна, але днём можна прынамсі хадзіць па камеры і рабіць нейкія практыкаванні. А ноччу — нельга. Уначы ты проста ляжыш на гэтых досках. Нічога не дазваляюць узяць у камеру. Ні джемпер, ні целагрэйку. І ты не можаш так спаць праз холад", — распавядае Дуліна.
Такім чынам, зняволеная адначасова пазбаўленая і цяпла, і сну. У такіх умовах Дуліна правяла 5 сутак.
"Фізічны гэта гвалт ці псіхалагічны? Гэта адносна, узаемасувязь паміж імі ёсць", — кажа Дуліна.
Яна зазначае, што пры калоніі ёсць больш і менш цёплыя камеры. Ёй не пашанцавала, і яна патрапіла акурат у халодную камеру. Нягледзячы на тое, што памяшканне атапліваецца, гэта мала чым паляпшае становішча, кажа Дуліна.
Адзінае, з чым у ізалятары не было праблемаў — ежа, кармілі зняволеную рэгулярна.
Пра холад у ШІЗА Еўрарадыё распавядаў таксама іншы палітвязець. Можаце паслухаць яго гісторыю тут.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.