Наступальныя аперацыі Расіі і "Кніга катаў" Украіны — 105-я раніца вайны

Украінскі апалчэнец падчас трэніроўкі ў прыгарадзе Кіева​ / АР
Украінскі апалчэнец падчас трэніроўкі ў прыгарадзе Кіева​ / АР

Расійскія войскі працягвалі наступальныя аперацыі ў некалькіх месцах на ўсходзе Украіны, але не дамагліся якіх-небудзь пацверджаных поспехаў, мяркуюць у Амерыканскім інстытуце вывучэння вайны. Паводле ацэнак экспертаў Інстытута, расійскія войскі, верагодна, захапілі большую частку Севераданецка, але пацверджанняў, што горад цалкам пад кантролем расіян, у іх няма.

Кіраўнік Луганскай ваеннай адміністрацыі Сяргей Гайдай піша раніцай ў сераду, што "расіян стрымліваюць у Севераданецку". Небяспечна, па яго словах, і ў Лісічанску, нават у цэнтральных раёнах. "Менавіта на адной з цэнтральных вуліц Лісічанска ўчора пасля артылерыйскага абстрэлу загінуў мясцовы жыхар", кажа Гайдай. Пашкоджана некалькі шматпавярховак. Аднак больш за ўсё разбурэнняў, якія зафіксаваныя за апошнія суткі, ва Урубаўцы і Залатым. Там пашкоджаныя 25 дамоў.

Амерыканскія эксперты таксама адзначаюць, што расійскія войскі ўчора працягвалі прасоўвацца да Славянска. Рабілі гэта па двух напрамках: на паўднёвы ўсход з раёна Ізюма і на захад ад Лімана. У Інстытуце вывучэння вайны таксама кажуць аб вывадзе расійскіх войскаў з пазіцый у Запарожскай вобласці. У экспертаў ёсць дзве версіі, для чаго гэта робіцца. Альбо для ратацыі пашкоджаных падраздзяленняў, альбо для ўмацавання расійскай абароны на паўночным захадзе Херсонскай вобласці. У Інстытуце таксама адзначаюць, што расійскім войскам учора не ўдалося вярнуць перадавыя пазіцыі на заходнім беразе ракі Інгулец. Гэты бераг па-ранейшаму знаходзіцца пад кантролем Украіны.

Наступательные операции России и "Книга палачей" Украины — 105-е утро войны
Карта баявых дзеянняў па стане на 7 чэрвеня 2022 года / understandingwar.org

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абвясціў аб стварэнні "Кнігі катаў" — зборніку інфармацыі аб злачынствах расійскага войска ва Украіне. Праца над праектам пачнецца на наступным тыдні.

"Гэта канкрэтныя факты пра канкрэтных людзей, якія вінаватыя ў канкрэтных жорсткіх злачынствах супраць украінцаў", — сказаў украінскі прэзідэнт. Паводле яго слоў, у зборнік будуць уключаны не толькі непасрэдныя выканаўцы, але і іх камандзіры — "тыя, хто аддаваў загады, тыя, хто зрабіў магчымым усё, што яны нарабілі ў Буче, Марыупалі, ва ўсіх нашых гарадах і супольнасцях, да якіх дацягнуліся".

ЗША і саюзнікі абмяркоўваюць магчымасць перадачы Украіне супрацькарабельных ракет і сістэм для ўзмацнення прыбярэжнай абароны краіны. Пра гэта паведамляе Voice of America са спасылкай на высокапастаўленага чыноўніка Белага дома. Ён заявіў, што ЗША перададуць Кіеву беспілотныя судны берагавой абароны. Акрамя таго, ідзе праца з саюзнікамі "па прадастаўленні Украіне супрацькарабельных ракет і сістэм. Мы штодня пастаянна стасуемся з украінцамі адносна іх патрэбаў".

Украіна таксама хоча купіць у Ізраіля сістэму супрацьпаветранай абароны "Жалезны купал". Пра гэта паведамляе "Громадське" са спасылкай на амбасадара Украіны ў Ізраілі Яўгена Карнейчука. "Жалезны купал" — гэта не зброя, а інструмент, "які дазволіць выратаваць нашых грамадзянскіх жанчын і дзяцей ад абстрэлаў расійскімі ракетамі на нашай тэрыторыі", кажа дыпламат. Пры гэтым пасол падкрэслівае, што Украіна хоча менавіта купіць сістэму СПА, а не разлічвае на ахвяраванні. Яшчэ Кіеў просіць Ізраіль дазволіць перадачу з Германіі ва Украіну свайго супрацьтанкавага ракетнага комплексу Spike SR.

"На мінулым тыдні, наколькі я ведаю дакладна, амерыканцы далі дазвол на перадачу ракет з Германіі ва Украіну, а Ізраіль сказаў не", — адзначыў Карняйчук. Раней Ізраіль прадаў свой ракетны комплекс Spike у 18 краін-членаў Еўрапейскага Саюза і НАТА. Гэтая сістэма мае далёкасць дзеяння да 32 км і можа быць прыменена з транспартных сродкаў, верталётаў, караблёў і наземных пускавых установак.

Тым часам Сусветны банк ухваліў транш для Украіны на 1,5 мільярда долараў. Гэтыя сродкі пойдуць на выплату заробкаў дзяржаўным і сацыяльным работнікам. З улікам гэтых грошай агульная сума дапамогі Украіне ад банка складзе ўжо больш за 4 мільярды долараў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.