Намесніку старшыні АБФФ Базанаву зноў анулявалі шэнгенскую візу — "Трыбуна"
Уладзімір Базанаў / АБФФ
Намесніка старшыні Асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" (АБФФ) Уладзіміра Базанава не пусцілі ў Польшчу, а яго шэнгенскую візу анулявалі. Пра гэта стала вядома рэсурсу by.tribuna.com.
Базанаў планаваў праз Польшчу трапіць у Венгрыю, дзе 27 кастрычніка жаночая зборная Беларусі па футболе праводзіла хатні матч Лігі Нацый супраць каманды Славеніі (з-за таго, што паветраныя зносіны Беларусі з краінамі ЕС перапыненыя, хатняй арэнай для беларускай каманды прызначылі стадыён у Будапешце). Дзяўчаты з беларускай зборнай ехалі ў Венгрыю праз Літву, у Вільнюсе яны перасаджваліся на самалёт. Але для Базанава, як удзельніка паслявыбарчых рэпрэсій, уезд у Літву, Латвію і Эстонію закрыты. Ён разам з міністрам спорту Сяргеем Кавальчуком, экс-кіраўніком федэрацыі хакея Дзмітрыем Баскавым і былым байцом Дзмітрыем Шакутам знаходзіцца ў санкцыйных спісах.
Выданне нагадвае, што Базанаў рэгулярна ездзіць праз Польшчу "на закупы". Дагэтуль яго не было ў санкцыйных спісах гэтай краіны. Але гэтым разам яго не ўпусцілі ў краіну і анулявалі візу. Чым польскія ўлады матывавалі сваё рашэнне, журналісты не ведаюць. Але адзначаюць, што абодва матчы: і "хатні" ў Венгрыі, і гульню ў адказ ў Славеніі Базанаў вымушаны быў глядзець у Беларусі.
Нагадаем, два гады таму, калі Базанаў яшчэ ўзначальваў АБФФ, яго папрасілі пакінуць Чэхію. Тады ён таксама суправаджаў беларускую жаночую зборную. Візу, якая тады па запыце УЕФА была выдадзена Венгрыяй, таксама анулявалі.