На выпадак аварыі на БелАЭС літоўцам раздадуць таблеткі ёду
Таблеткі будуць раздаваць праз муніцыпалітэты ці аптэкі / delfi.lt
На выпадак аварыі на БелАЭС літоўцам раздадуць таблеткі ёду. Літва купіла амаль 5 мільёнаў таблетак прыкладна за 500 тысяч еўра, паведамляе Delfi.
Таблеткі ёду будуць раздадзены жыхарам населеных пунктаў, размешчаных у радыусе 100 км ад Беларускай АЭС. Ім "асабліва важна мець пад рукой таблеткі ёдыду калія, якія ў выпадку аварыі дапамогуць абараніць шчытападобную залозу ад уздзеяння радыеактыўнага ёду і пазбегнуць анказахворванняў", заявіла міністр аховы здароўя Марыя Якубаўскене.
Пакуль не здарыўся выбух на АЭС, прымаць прэпарат нельга — гэта небяспечна для здароўя, папярэджваюць прадстаўнікі літоўскіх уладаў.
Як вядома, улады Літвы занепакоеныя бяспекай Беларускай АЭС, пра што неаднаразова заяўлялі. Літоўцы рыхтуюцца да самых негатыўных сцэнароў, праводзяць вучэнні.