На вайне ва Украіне загінуў беларус, які кіраваў двума заводамі ў Оршы

Уладзімір Троіцкі

Уладзімір Троіцкі / TUT.by

На вайне ва Украіне загінуў былы дырэктар двух аршанскіх заводаў, які ваяваў на расійскім баку. Яго імя ў спісе ўкраінскага праекта "Хачу жыць" заўважыў тг-канал vitebsk_info.

У 2007-2015 гадах Уладзімір Троіцкі ўзначальваў Аршанскі авіярамонтны завод. У 2018-м яму прысудзілі 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці па абвінавачанні ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі пры будаўніцтве аэрадрома ў 2011-2013 гадах. Сам Троіцкі заяўляў, што стаў ахвярай "заказу" з боку ўкраінскага нардэпа і гендырэктара кампаніі "Матор Січ" Вячаслава Багуслаева. У тыя гады ўкраінская кампанія набыла 60% акцый аршанскага завода і планавала інвеставаць у прадпрыемства. Але спярша здзелка прыпынілася, а потым вайна ва Украіне канчаткова ўсё сарвала. Самога Багуслаева, дарэчы, у 2022-м арыштавала СБУ паводле абвінавачвання ў калабаранцтве, яго пазбавілі ўсіх дзяржаўных узнагародаў, і ён трапіў пад міжнародныя санкцыі.

Троіцкі пасля авіярамонтнага завода стаў у 2016-м дырэктарам Аршанскага інструментальнага завода. А ўжо ў 2018 годзе яму вынеслі прысуд.

Паводле інфармацыі "Кіберпартызанаў", па стане на 31 студзеня 2023 года Троіцкі лічыўся за філіялам "Віцьба" дзяржпрадпрыемства "ПК 12-ВАЛ" (ПК — папраўчая калонія). Магчыма, ён адбываў тэрмін у калоніі "Віцьба", а пасля вызвалення быў працаўладкаваны на вытворчасці.

Як паведамляе праект "Хачу жыць", 1 верасня 2023 года Троіцкі падпісаў кантракт з расійскім войскам. А ўжо 5 лістапада таго ж года ён загінуў на вайне ва Украіне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.