На тэрыторыю беларускага пасольства ў Літве закінулі магільную свечку
Пасольства Беларусі ў Літве / DELFI
Гэтай ноччу на тэрыторыі пасольства Беларусі ў Вільні ўзнік пажар. Дапамогі ратавальнікаў не спатрэбілася — агонь патух натуральным чынам. Пра гэта расказалі ў паліцыі літоўскай сталіцы.
Інцыдэнт адбыўся пасля паўночы. Невядомы закінуў на тэрыторыю амбасады лампадку — такія звычайна пакідаюць на могілках. У паліцыі ёсць падазрэнне, што лампадка была напоўненая лёгкаўзгаральнай вадкасцю.
"У Вільні на вуліцы Міндаўгаса невядомы кінуў на тэрыторыю пасольства Рэспублікі Беларусь магільную свечку, напоўненую лёгкаўзгаральнай вадкасцю, у выніку чаго ўзнік пажар, які згас сам", — гаворыцца ў зводцы. Паліцыя праводзіць расследаванне па факце замаху на псаванне маёмасці.