На пажары ў Магілёве выратавалі маці і дзіця (фота)
Перад гэтым жанчына сама паспела вынесці з кватэры адно дзіця.
У суботу, 22 жніўня, у 20.35 магілёўскія ратавальнікі атрымалі паведамленне пра пажар у кватэры на вуліцы Крывуліна. Загарэлася кватэра на другім паверсе дома, ішоў густы дым.
Яшчэ да прыбыцця ратавальнікаў каля месца здарэння выпадкова апынуўся адзін з іх. Міхаіл Стральцоў у вольны ад службы час пабачыў, як з акна валіць дым. Разам з двума суседзямі яны выламалі дзверы. Потым ратавальнік у адным з пакояў знайшоў дзіця і вынес яго на гаўбец. Там Стральцоў перадаў дзіця калегам, якія за гэты час паспелі ўсталяваць трохкаленную лесвіцу.
Выявілася, што ў кватэры жыве 34-гадовая жанчына з пяцю дзецьмі. На момант пажару двое дзяцей былі ў бабулі, адно гуляла на вуліцы, яшчэ дзве дзяўчынкі трох гадоў знаходзіліся з маці.
Жанчына вынесла з кватэры адну з дзяўчынак на вуліцу і вярнулася па другую. Аднак яна страціла прытомнасць. Выратавала яе звяно газадымаахоўнай службы.
Як мяркуецца, прычынай пажару стала неасцярожнае абыходжанне гаспадыні з агнём пры паленні.

Фота: mchs.gov.by