На мінскіх падлеткаў пачалі крымінальную справу за скрадзены катамаран
Каб пакатацца на катамаране ўначы, хлопцы перапілавалі ланцуг нажоўкай.
Следчы камітэт пачаў крымінальную справу на двух 15-гадовых падлеткаў за крадзеж маламернага судна.
Як паведамляюць следчыя, здарэнне адбылося пад канец ліпеня 2015 года. Два падлеткі вырашылі ўначы пакатацца на катамаране. Каля гадзіны ночы яны прыйшлі да вадаёма, размешчанага каля вучылішча алімпійскага рэзерву.
Там хлопцы нажоўкай перапілавалі ланцуг, якім быў прымацаваны катамаран "Бурштын", і адправіліся катацца. Пазней катамаран, які належыць індывідуальнаму прадпрымальніку, знайшлі недалёка ад месца стаянкі.
Катамаран лічыцца маламерным водным судам. Паводле заканадаўства, крымінальная адказнасць за яго неправамернае завалоданне пачынаецца з 14-гадовага ўзросту.
Фота: БЕЛТА