На Магілёўскім мясакамбінаце распачалі чарговую крымінальную справу
На Магілёўскім мясакамбінаце распачалі чарговую крымінальную справу. Службовая асоба абвінавачаная ў буйным крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, інфармуе прэс-служба Следчага камітэта. Адзначаецца, што гэты факт быў выяўлены падчас расследавання крымінальных спраў, звязаных з карупцыйнымі злачынствамі, здзейсненымі іншымі службовымі асобамі згаданага прадпрыемства.
Высветлілася, што пад выглядам дэгустацыі новай каўбаснай прадукцыі жанчына вывозіла яе за межы прадпрыемства і забірала сабе. Толькі за адзін дзень абвінавачаная завалодала прадукцыяй на суму большую чым 100 млн рублёў. Агульныя страты ад дзейнасці службовай асобы ацэньваюцца на некалькі мільярдаў рублёў.
БелаПАН дадае, што, паводле неафіцыйнай інфармацыі, гаворка ідзе пра намесніка дырэктара прадпрыемства. Працягваецца расследаванне, устанаўліваюцца іншыя асобы, замешаныя ў злачынстве.
Нагадаем, у ліпені сёлета быў затрыманы чалец назіральнага савета Магілёўскага мясакамбіната па падазрэнні ў крадзяжы прадукцыі прадпрыемства на суму, якая перавышае 300 млн рублёў. А ў канцы траўня ў крадзяжы некалькіх мільярдаў рублёў была абвінавачаная загадчыца крамы фірменнага гандлю мясакамбіната. Крымінальная справа ў дачыненні да яе была распачатая ў працэсе расследавання дзвюх іншых спраў аб крадзяжах на прадпрыемстве.
Здымкі з архіву. Фота: БЕЛТА