На гродзенскага журналіста і праваабаронцу пачалі крымінальную справу
Уладзімір Хільмановіч / hpravy.org
Крымінальную справу за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" пачалі на гродзенскага праваабаронцу і журналіста Уладзіміра Хільмановіча, піша "Гарадзенская праваабарона".
Сілавікі правялі ператрусы па двух месцах жыхарства Хільмановіча. Сам ён ужо два з паловай гады не жыве ў Беларусі.
Тыдзень таму ў кватэры па месцы яго прапіскі апісалі мэблю і лядоўню. А 1 снежня ператрус зладзілі ў кватэры ягонай жонкі, дзе ён жыў з 2014-га па 2021 год. Сілавікі забралі працэсар камп'ютара, старое пасведчанне, 25 кніг, музычны дыск, паштовыя маркі, розныя канверты, паштоўкі, буклеты, значкі, газеты. Таксама яны апісалі бытавую тэхніку.