На Будслаўскім фэсце побач з калонай вернікаў зваліўся дрон

Супрацоўнік БТ запускае невялікі дрон / Белтэлерадыёкампанія
На каталіцкім фэсце ў Будславе падчас шэсця вернікаў побач з калонай зваліўся вялікі квадракоптар. Здарэнне адбылося ўвечары ў пятніцу, 4 ліпеня, падчас набажэнства Крыжовага шляху. Пра гэта піша сайт katolik.life са словаў пілігрымаў.
Дрон зваліўся ў месца, якое знаходзілася па руху шэсця. Але адбылося гэта ў момант, калі ўдзельнікі набажэнства зрабілі прыпынак, таму беспілотнік нікога не зачапіў.
"Калі б людзі не спыніліся, дрон мог бы сур'ёзна параніць некалькі чалавек. Ён быў велізарны, чорны. Паваліўся з вышыні ў пары метраў ад людзей і разбіўся", — кажа відавочца.
Мяркуецца, што гэта быў прафесійны апарат, з якога вёў здымкі адзін з дзяржаўных тэлеканалаў. Рэпартажы з Будслава здымалі тэлеканалы АНТ, СТБ і "Беларусь 1", а "Беларусь 3" вёў жывую трансляцыю ў пятніцу на канале санктуарыя, а назаўтра — і на сваім тэлеканале. На апошніх кадрах відаць, што ў суботу для здымак выкарыстоўваўся маленькі дрон Mavic. У рэпартажы АНТ былі кадры з дрона – з начной працэсіі, ужо пасля здарэння.
Паводле відавочцы, праз некалькі хвілін пасля інцыдэнту дрон забралі супрацоўнікі спецыяльных службаў.
У каментары katolik.life адзін са спецыялістаў выказаў меркаванне, што такі квадракоптар можа выкарыстоўвацца ў сельскай гаспадарцы або для прафесійных відэаздымкаў. Напрыклад, гэта можа быць Inspire ад DJI, які важыць каля 4 кілаграмаў. Зваліцца ён мог ад таго, што разрадзіўся акумулятар, ці праз перашкоды GPS. "У любым выпадку, забаронена запускаць квадракоптары над зборам людзей — рабіць здымкі можна толькі збоку. Магчыма, гэтае правіла было парушана, калі дрон зваліўся пасярод натоўпу", — дадаў спецыяліст.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.