На бабруйчанку пачалі справу за перасылку відэа з вайсковай тэхнікай

Перавозка вайсковай тэхнікі, ілюстрацыйнае фота

Перавозка вайсковай тэхнікі, ілюстрацыйнае фота / gov.kz

На 39-гадовую жыхарку Бабруйска пачалі крымінальную справу. Жанчыну вінавацяць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч.1 арт. 361-4 КК).

Як паведамляе прэс-служба Следчага камітэта, у сакавіку 2022 года бабруйчанка зняла на відэа вайсковую тэхніку, якая рухалася ў бок Гомельскай вобласці. Запіс яна адправіла ў "экстрэмісцкую групу" ў адным з месенджараў. Следчыя падкрэсліваюць, што муж жанчыны адбывае пакаранне за ўдзел у дэманстрацыях у верасні 2020 года.

"Падчас допыту жанчына цалкам прызнала сваю віну і раскаялася ў зробленым, адзначыўшы, што разумела, што гэты рэсурс прызнаны экстрэмісцкім. Пасля яна пакінула гэты чат, выдаліўшы перапіску", — дадаюць у следчым камітэце.

Паведамляецца, што жанчына планавала пакінуць краіну і "актыўна цікавілася гэтым пытаннем у інтэрнэце". Бабруйчанку з санкцыі пракурора ўзялі пад варту. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.