МЗС Вялікабрытаніі: Лукашэнка павінен адказаць за свае абуральныя дзеянні
Вялікабрытанія асуджае дзеянні афіцыйнага Мінска і заклікае вызваліць Рамана Пратасевіча і іншых беларускіх палітвязняў. Пра гэта гаворыцца ў заяве кіраўніка МЗС гэтай краіны Дамініка Рааба.
"Вялікабрытанія асуджае ўчорашнія дзеянні беларускіх уладаў, якія арыштавалі журналіста Рамана Пратасевіча у выніку хітрыкаў, вымусіўшы самалёт, у якім ён знаходзіўся, прызямліцца ў Мінску. Спадар Лукашэнка павінен адказаць за свае абуральныя дзеянні", — гаворыцца ў заяве кіраўніка брытанскай дыпламатыі.
Рааб адзначыў, што Велікабрытанія разам з саюзнікамі працуе над агульным адказам афіцыйнаму Мінску, у тым ліку разглядаюцца далейшыя санкцыі.
Таксама Вялікабрытанія заклікае Савет ІКАО правесці тэрміновае пасяджэнне. На ім прапануецца разгледзець парушэнне беларускім рэжымам міжнародных правілаў, якія гарантуюць бяспеку грамадзянскай авіяцыі.