МЗС: Расія прыняла рашэнне аб памежнай зоне без папярэдняга паведамлення

Расія прыняла рашэнне аб устанаўленні памежнай зоны на мяжы з Беларуссю без папярэдняга паведамлення. Пра гэта 2 лютага заявіла намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі, начальнік аддзела прэс-службы МЗС нашай краіны Марыя Ваньшына. І зроблена гэта было "насуперак усім існуючым дамоўленасцям, якія рэгулююць ахову дзяржаўных межаў дзвюх краін і парадак іх перасячэння" і, натуральна. у Мінска гэта выклікае "справядлівыя пытанні". Ваньшына нагадала, што нешта падобнае адбылося ў пачатку 2016-га, калі расіяне сталі фактычна ўводзіць абмежаванні на ўезд грамадзян трэціх краін праз мяжу Беларусі і Расіі.
Па словах Марыі Ваньшынай, "у многіх складваецца ўражанне, што гэтыя дзеянні вядуць да аднаўлення паўнавартаснага кантроля на беларуска-расійскай мяжы, які быў адменены больш за дваццаць гадоў таму". Яна падкрэслівае, што ўвядзенне расійскім бокам памежнай зоны на мяжы з Беларуссю супярэчыць цэламу шэрагу існуючых беларуска-расійскіх дамоўленасцяў. Прадстаўніца МЗС падкрэсліла, што ініцыятыва зыходзіць не з Мінска, а з Масквы.
У той жа час у знешнепалітычным ведамстве кажуць, што сітуацыю не варта драматызаваць. У МЗС аналізуюць дакумент, падпісаны кіраўніком ФСБ РФ.