МЗС Літвы адказала на прапанову аднавіць рух пасажырскіх цягнікоў у Беларусь
Мінскі вакзал
Міністэрства замежных спраў Літвы не падтрымлівае ідэю зноў пусціць пасажырскія цягнікі паміж Вільняй і Мінскам.
"МЗС цяпер не бачыць перадумоў і падстаў для аднаўлення пасажырскіх чыгуначных перавозак з Рэспублікай Беларусь", — заявілі ў ведамстве.
Так у МЗС адрэагавалі на прапанову Беларускай чыгункі аднавіць пасажырскае спалучэнне паміж краінамі, паведамляе літоўскі партал навінаў 15min.
Як паведамлялася раней, рашэнне наконт аднаўлення пасажырскага спалучэння з Беларуссю літоўскі ўрад прыме на аснове ацэнак яшчэ некалькіх ведамстваў, у тым ліку МУС і Дэпартамента дзяржбяспекі. Пры гэтым будзе ўлічвацца і санкцыйная палітыка ЕС.
Пасажырскія цягнікі з Беларусі ў суседнія краіны Еўрасаюза не ходзяць з 2020 года. Спачатку на гэта паўплывала пандэмія каранавіруса, потым — санкцыі, накладзеныя на рэжым Лукашэнкі ў сувязі з жорсткімі рэпрэсіямі ў краіне.