Літва не будзе спяшацца з рашэннем па аднаўленні чыгуначных зносін з Мінскам

Літоўская чыгунка, ілюстрацыйнае фота / LRT
Літва не будзе спяшацца з адказам на прапанову Беларусі аднавіць пасажырскія чыгуначныя зносіны паміж краінамі. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр краіны Гінтаўтас Палуцкас.
Як паведамлялася раней, беларускі бок прапанаваў Літве, Латвіі і Польшчы аднавіць пасажырскі рух па чыгунцы. Зносіны былі спыненыя ў 2020 годзе ў сувязі з каранавірусам, а потым не аднавіліся — у сувязі з рэпрэсіямі рэжыму Лукашэнкі супраць уласнага народу.
"Мы разглядаем у кантэксце ўсіх санкцый, вайны ва Украіне і адносін Еўрапейскага Саюза з Расіяй, таму з адказам на гэтыя прапановы спяшацца не будзем", — прыводзіць LRT адказ Палуцкаса журналістам.
Прадстаўнік міністра транспарту Лукас Пашкявічус пацвердзіў СМІ, што літоўскі бок разглядае прапанову Беларускай чыгункі. Чакаюцца высновы Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства замежных спраў і Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі (VSD).
"Калі паступае прапанова, яна разглядаецца ў кансультацыі з Міністэрствам замежных спраў, якое адказвае за санкцыі, а канчатковае рашэнне прымае ўрад. Так што вы пачулі маё меркаванне", — заявіў у панядзелак Палуцкас.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.