МЗС Беларусі — пра новыя санкцыі ЕС: дайшлі ўжо і да грамадскага транспарту
Афіцыйны Мінск традыцыйна эмацыйна рэагуе на абмежаванні, якія Захад уводзіць супраць прадпрыемстваў і асобаў. На гэты раз прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства Анатоль Глаз выказаўся пра новыя санкцыі Еўрасаюза, якія былі апублікаваныя 3 чэрвеня (Беларусь закрануў 6-ы пакет антырасійскіх санкцый, уведзены за яе агрэсію супраць Украіны).
"Мы будзем пастаянна нагадваць, што ў пагаршэнні праблемы сусветнага голаду з-за недахопу угнаенняў, павелічэнні колькасці ахвяр гэтай бяды вінаватыя чыноўнікі Еўрасаюза", — гэта выказванне Глаза на тое, што ў "чорны спіс" трапілі Беларуская калійная кампанія і гендырэктар "Беларуськалія" Іван Галаваты.
"Прымітыўная спроба прымусу да выканання сваёй волі", — гэта каментар пра санкцыі супраць кіраўніка Цэнтрвыбаркама Ігара Карпенкі.
"Дайшлі ўжо і да грамадскага транспарту", каб "максімальна пагоршыць жыццё простых людзей", — выказванне пра санкцыі супраць "Белкамунмаша".
А вось прапагандыстаў, якія трапілі ў "чорны спіс", Анатоль Глаз віншуе: "Яны свабодныя ад замежнага дыктату".
Новыя санкцыі ў МЗС Беларусі называюць "гібрыднай агрэсіяй ЕС", які нібыта хоча "задушыць беларусаў". Афіцыйны Мінск пагражае еўрапейцам... "адэкватным адказам". Але адначасова нагадвае, што гатовы да дыялогу пры пэўных умовах.