Мытня Расіі: Беларусь — асноўны пастаўшчык санкцыйных прадуктаў

Беларусь — асноўны пастаўшчык еўрапейскіх прадуктаў, якія трапляюць пад расійскае харчовае эмбарга, паведамляе Федэральная мытная служба Расіі.
Са жніўня 2014 года да канца снежня 2015 года (час, калі дзейнічаюць санкцыі), расійскія мытнікі пачалі 256 адміністрацыйных спраў за рээкспарт санкцыйных прадуктаў праз Беларусь.
Другое месца па пастаўках займаюць Літва і Польшча — па 112 спраў, на трэцім ідзе Украіна — 39 спраў. Далей ідуць Казахстан (28 спраў), Латвія (26 спраў), Фінляндыя (22 справы), Эстонія (18 спраў).
Агулам ведамства пачало 23 крымінальныя справы і 550 адміністрацыйных спраў. Расійская мытня інфармуе, што за час дзеяння харчовага эмбарга было канфіскавана больш за 1000 тон забароненых прадуктаў харчавання на суму 138,7 млн расійскіх рублёў.
Без крымінальных і адміністрацыйных спраў мытнікі завярнулі з мяжы больш за 8000 тон тавараў.