Мужчына з рэўнасці задушыў 24-гадовую дзяўчыну і закапаў яе цела ў лесе
Завершанае следства па справе аб забойстве 24-гадовай мінчанкі Кацярыны Сачковай. Як інфармуе прэс-служба Следчага камітэта, у ліпені жыхар Мінскага раёна (1987 года нараджэння) запрасіў яе ў госці на здымную кватэру, дзе жыў, а пасля ў выніку сваркі, якая ўзнікла з рэўнасці, задушыў. Ён завалодаў банкаўскай карткай дзяўчыны (і патраціў грошы на пакупкі), мабільным тэлефонам, залатым ланцужком (яго ён здаў у ламбард). На арандаваным аўтамабілі вывез труп у лес у Віцебскую вобласць, дзе закапаў.
Аднак праваахоўнікі здолелі ўстанавіць датычнасць мужчыны да забойства. Яго затрымалі. Былі праведзеныя дзясяткі экспертыз, сабраная ўнушальная база доказаў. Аднак мужчына сваю віну адмаўляе.
Па выніках расследавання дзеянні абвінавачанага кваліфікуюцца следствам як наўмыснае забойства, крадзеж, крадзеж маёмасці шляхам ўвядзення ў камп'ютарную сістэму ілжывай інфармацыі, спалучанае з несанкцыянаваным доступам да камп'ютарнай інфармацыі.
Крымінальную справу перадалі ў пракуратуру для накіравання ў суд.
Фота: ria.ru, sk.gov.by