Мужчына з пісталетам і ў масцы абрабаваў мінскую краму (фота)

Мужчына з пісталетам і ў масцы абрабаваў мінскую краму (фота)

Амаль кіношнае абрабаванне перажылі прадаўцы мінскай крамы па вуліцы Варвашэні ўвечары мінулай пятніцы. Як піша "СБ — Беларусь сегодня", прыкладна ў 19.30 у краму зайшоў мужчына ў чорнай масцы. У краме на той час былі чацвёра супрацоўнікаў і пакупнікі.

У руках у мужчыны быў пісталет, падобны да баявога. Нападнік запатрабаваў, каб касірка аддала яму грошы. Здабычай зламысніка сталі сем мільёнаў рублёў, якія былі ў касе. Тым часам іншая супрацоўніца крамы націснула "трывожную" кнопку.

Пры выхадзе з крамы налётчык сутыкнуўся з маладым чалавекам, які акурат увайшоў усярэдзіну. Потым ён пабег за краму, у бок прыватнага сектара.

Па словах прадаўцоў, нападнік — спартыўны хлопец, у добрай форме. Пазней, праглядаючы запісы з унутраных відэакамераў, супрацоўнікі крамы звярнулі ўвагу на аднаго кліента, які быў тут гадзіны за тры да нападу. На іх думку, яго паходка вельмі нагадвае паходку замаскіраванага нападніка. Адзначылі таксама, што гэты дзённы наведнік амаль увесь час старанна разглядаў нешта пад столлю.

Фота: sb.by