МУС папярэджвае пра новыя спосабы махлярства з карткамі

МУС папярэджвае пра новыя спосабы махлярства з карткамі

Міністэрства ўнутраных спраў папярэджвае пра новы від кібермахлярства. Новую крымінальную схему зламыснікі абкатваюць на жыхарах ЗША і Заходняй Еўропы. У Беларусі яе пакуль што не заўважалі. 

Напрыклад, паліцыя Францыі затрымала 18 чалавек, якія скралі з чужых банкаўскіх картак блізу 3 мільёнаў еўра. 

Спосаб махлярства вельмі падобны да ​​мацавання скімераў ў банкаматах. Махляры ставяць спецыяльныя накладкі на POS-тэрміналы, якія выкарыстоўваюцца для аплаты тавараў і паслуг. Прылады счытваюць персанальныя звесткі з магнітнай паласы банкаўскай карткі і запамінаюць уведзены кліентам пін-код. Потым зламыснікі робяць дублікат карткі, на якую запісваюць крадзеную інфармацыю, што дае магчымасць зняць грошы ў любым банкамаце.

Яшчэ часцей злачынцы карыстаюцца перапраграмаванымі тэрміналамі. Іх прынцып працы аналагічны накладкам. Розніца ў тым, што маналітныя псеўдапрылады толькі імітуюць аплатную аперацыю, а дакладней — няўдалую спробу яе правядзення. Даверліваму кліенту нават даюць чэк.

Зламыснікі карыстаюцца тым, што людзі не захоўваюць чэкі пра халастыя аперацыі. А праз адзін-два тыдні, калі ўладальнік паспеў забыцца пра месца і час карыстання картай, яны здымаюць чужыя грошы.

Перапраграмаванымі тэрміналамі нярэдка карыстаюцца саўдзельнікі злачынцаў з ліку афіцыянтаў, бармэнаў, таксоўцаў, прадаўцоў, аператараў АЗС і інш. 

Ва ўпраўленні "К" раяць уладальнікам банкаўскіх картак прыняць дадатковыя меры абароны:

— аформіць чыпавую картку (страхоўка ад падробкі);

— падключыць паслугу sms-абвесткі (пры выкарыстанні фіктыўнага тэрмінала не прыходзіць sms-пацверджанне пра куплю або аплату паслугі. У такім выпадку неабходна затэлефанаваць у банк і пераканацца ў наяўнасці або адсутнасці праведзенай аперацыі. Калі плацёж або спроба яго ажыццяўлення не адбілася ў сістэме, неабходна заблакаваць карту і выпусціць новую);

— усталяваць на карту дыферэнцыяваныя ліміты на зняцце наяўных грошай, а таксама на пакупкі і разлікі ў інтэрнэце.

Акрамя таго, спецыялісты раяць звяртаць увагу на POS-тэрміналы: прылада не павінна ўтрымліваць староннія элементы і цалкам "заглынаць" карту, а поле для ўвядзення пін-кода і вонкавы святлодыёд павінны быць выразна бачныя кліенту.