"Мінсктранс" сказаў, чаму ў аўтобусе паламаўся пандус для людзей з інваліднасцю

Паламаны пандус

Паламаны пандус / dvornik_den

У "Мінсктрансе" паспрабавалі патлумачыць гісторыю з паламаным пандусам.

Напярэдадні ў TikTok завірусіўся відэаролік, які зняў блогер dvornik_den і выклаў 9 траўня. Ён спрабаваў трапіць у мінскі аўтобус разам з вазочнікам. Кіроўца гарадскога аўтобуса №119с паспрабаваў адкрыць апарэль — адкідны пандус для людзей з інваліднасцю. Аднак сам пандус пры гэтым проста адваліўся. Пазней стала вядома, што відавочцы дапамаглі мінчуку з інваліднасцю трапіць у салон і выйсці з яго на патрэбным прыпынку.

Відэа атрымала тры мільёны праглядаў.

Блогер у каментарах адзначыў, што не вінаваціць кіроўцу: "Падзякаваў яму за працу, папрасіў не забыцца паведаміць аб праблеме з пандусам у гэтым аўтобусе каму належыць".

У "Мінсктрансе" паломку патлумачылі збегам акалічнасцяў: "На кожным планавым тэхабслугоўванні ажыццяўляецца праверка спраўнасці апарэляў, у тым ліку на аўтобусе, захаваным на відэа. У дадзеным выпадку пры адкрыцці апарэлі вырвала пятлю мацавання".

Як пішуць "Мінск-навіны", паломку паабяцалі ліквідаваць і заявілі, што спецыялісты дадаткова агледзяць грамадскі транспарт, каб выключыць такія інцыдэнты.

Прасіць прабачэння за выпуск на лінію няспраўнага транспарту ў "Мінсктрансе" не падумалі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.